27.02.2024

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

17 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі да пяці гадоў святарства.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, галоўнай тэмай сустрэчы была Эўхарыстыя, якая з’яўляецца сэрцам жыцця Касцёла.

Ксёндз канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне і спецыяліст у галіне літургііі, нагадаў маладым святарам, што важная і годная цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі патрабуе ад душпастыра адпаведнасці існуючым прадпісанням і нормам Касцёла, якія акрэсліваюць саму літургію і спосаб здзяйснення Ахвяры Хрыста.

Як адзначыў святар, гэтыя нормы і прадпісанні змешчаны ў Агульных уводзінах да Рымскага Імшала — літургічнай кнігі, якая ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца фундаментальнай для цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі прысутных святароў і іх блізкіх. Пастыр дыяцэзіі падкрэсліў, што ў гэты асаблівы месяц, калі ўвесь Касцёл звяртаецца праз Ружанец да Маці Божай, прысутнасць святароў у дыяцэзіяльным санктуарыі з’яўляецца сімвалічнай.

«Адкрыем жа тут, у Маці, свае сэрцы і напоўнімся патрэбнымі дарамі, каб і далей служыць з вялікай адданасцю і запалам тым людзям, да якіх мы былі пасланыя»,

— звярнуўся да прысутных іерарх.

У гаміліі ксёндз Ян Кучынскі закрануў тэму распазнавання знакаў часу, якія павінны дапамагаць кожнаму чалавеку зразумець сваё пакліканне, убачыць уласную годнасць і цаніць яе, уносіць у свет больш чалавечнасці.

Напрыканцы святой Імшы біскуп падзякаваў адказным за арганізацыю сустрэчы, асабліва мадэратару пастаяннай фармацыі маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксяндзу каноніку Паўлу Салабуду, a таксама кусташу тракельскага санктуарыя ксяндзу каноніку Юрыю Бяганскаму за адкрытасць і гасціннасць.

Пакінуць адказ