04.10.2023 14:27 Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
30 верасня ў Гродне адбыўся сімпозіум, прысвечаны пастырскаму году свецкіх, які па рашэнні беларускага епіскапату праходзіць сёлета ў Касцёле на Беларусі, а таксама Сіноду біскупаў пра сінадальнасць, Генеральная асамблея якога сёння распачалася ў Рыме.
Сімпозіум, у якім узялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, прайшоў у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Тэма сімпозіума была сугучнай з тэмай пастырскага года ў беларускіх дыяцэзіях: «Апостальства свецкіх — надзея Касцёла ў Беларусі».
Сімпозіум распачаўся супольным спевам старадаўняга рэлігійнага гімна «Багародзіца», у якім удзельнікі прасілі заступніцтва Маці Касцёла, пасля чаго мадэратар сімпозіума ксёндз канонік Павел Салабуда распачаў форум, прывітаўшы прысутных і запрасіўшы арцыбіскупа Кандрусевіча выступіць з уступным словам.
Заслужаны іерарх засяродзіўся на сінадальнасці і ролі свецкіх у жыцці Касцёла.
Паводле яго, сімпозіум стане ўнёскам беларускага Касцёла ў Сінод Біскупаў згодна з дасведчаннем веры нашага народа, якім мы павінны ганарыцца; дасць новы імпульс для лепшага разумення ролі свецкіх у Касцёле на Беларусі, а таксама іх больш інтэнсіўнай, крэатыўнай і адказнай актыўнасці ў супрацоўніцтве з духоўнымі асобамі; праз слуханне і распазнаванне, да чаго заклікае Папа Францішак, стане шляхам да большай еднасці і сумеснага вырашэння надзённых праблем Касцёла, а таксама будзе спрыяць новай евангелізацыі як галоўнаму заданню Касцёла на сучасным этапе яго развіцца.
Менавіта на гэта былі скіраваныя даклады, якія прагучалі на сімпозіуме.
Першы з іх прадставіў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС, марыянін з Мінска, які разважаў пра «Значэнне Дэкрэту Другога Ватыканскага Сабору пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem i Апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ Christifideles laici для фармацыі свецкіх».
Перадусім святар пазнаёміў з гісторыяй праблемы, адзначыўшы, што «само акрэсленне свецкі (лац. laicus) з’явілася ў ІІ стагоддзі на азначэнне тых хрысціянаў, якія не выконвалі функцый, звязанных з узначальваннем супольнасцяў. Тады ж узнік і тэрмін клер (лац. clerus) як адзіная назва для трох касцёльных груп: біскупаў, святароў і дыяканаў. Прычым, паводле ксяндза Аляксандра, да Другога Ватыканскага Сабору ў Касцёле заставалася пэўная нявызначанасць: «вядома было, кім свецкая асоба не з’яўляецца (а менавіта, што не з’яўляецца асобай духоўнай), але ў той жа час было невядома, кім свецкі ў Касцёле ёсць», таму адной з важных тэм Сабору стала рэфлексія над тым, да чаго пакліканыя свецкія хрысціяне і ў чым заключаецца іх місія ў Касцёле і свеце.
«У сувязі з гэтым значэнне Сабору заключаецца ў тым, што на ім Касцёл упершыню распрацаваў дактрыну пра свецкіх, у якой указаў на належныя ім месца і ролю ў супольнасці Божага народа.Гэтае вучэнне мы, між іншым, знаходзім у Дэкрэце пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem, а таксама ў заключным дакуменце VII Сіноду Біскупаў, які праходзіў у 1988 годзе ў Рыме, — Апостальскай адгартацыі Christifideles laici. У згаданых дакументах Касцёл упершыню за сваю доўгую гісторыю пазітыўна навучае пра тое, што свецкія маюць сваё спецыяльнае пакліканне», — адзначыў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі, падрабязна распавёўшы пра сутнасць паклікання свецкіх хрысціянаў, месцы яго ажыццяўлення, і фармацыю свецкіх. У выніку дакладчык прыйшоў да высновы, што «ў Божым Народзе ўсе хрысціяне маюць аднолькавую, вынікаючую з хросту, годнасць і пакліканне, але розныя харызмы, ролі і функцыі. <…> Толькі гарманічнае суіснаванне і ўзаемадзеянне розных роляў у Касцёле можа паспрыяць выкананню Ім сваёй збаўчай місіі ў свеце».
Даклад на тэму: «Удзел свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла ў Беларусі: заклік ці выклік? Калізіі кананічнага і дзяржаўнага заканадаўства і перспектывы іх пераадольвання» прадставіў ксёндз канонік Андрэй Зноска з Ліды, спецыяліст у галіне кананічнага і дзяржаўнага права.
Святар зрабіў грунтоўны параўнаўчы аналіз асноўных рэалій рэлігійнага жыцця на ўзроўні парафіі ў святле касцёльнай прававой сістэмы і нацыянальнай сістэмы права Рэспублікі Беларусь.
Засяродзіўшыся на ролі свецкіх вернікаў у заснаванні парафіі, яе дзейнасці і кіраванні, святар-прававед звярнуў увагу на пэўныя супярэчнасці і сцвердзіў, што гэтая «сітуацыя патрабуе ўдасканалення і з’яўляецца выклікам часу для нас і заклікам да асэнсавання праблемы і пошукаў новых рашэнняў».
Асаблівае ажыўленне ў слухачоў выклікаў даклад на тэму «Роля свецкіх у абароне касцёлаў і іх вяртанні ў часы ваяўнічага атэізму», які прадставіў ксёндз прэлат, канонік грэміяльны Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна. Гэта было яскравае і эмацыйнае сведчанне душпастыра, які асаблівым чынам прычыніўся да адраджэння веры пасля часоў пераследу.
Апоўдні ўдзельнікі сімпозіума сабраліся на святую Імшу ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа, а пасля абеду зноў вярнуліся ў семінарыйную канферэнц-залу.
Другую сесію сімпозіума распачаў ксёндз Андрэй Рылка з Пінска, які прадставіў даклад на тэму: «Фармацыя свецкіх у Беларусі (Тэалагічныя каледжы ў Мінску і Гродне, Катэхетычны каледж у Баранавічах, Школа сямейнага жыцця)».
Святар пазнаёміў удзельнікаў з тым, якія магчымасці для ўзрастання ў веры, духоўнага развіцця і больш поўнай рэалізацыі свайго паклікання маюць свецкія вернікі ў Касцёле на Беларусі. Перадусім ён распавёў пра Тэалагічны каледж імя святога Казіміра ў Гродне, заснаваны ў 1990 годзе арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у выглядзе тэалагічна-катэхетычных курсаў для свецкіх вернікаў і кансэкраваных асоб пад назвай «Інстытут вышэйшай хрысціянскай культуры». Дакладчык заўважыў, што гэтая ўстанова для свецкіх была арганізавана нават раней за духоўную семінарыю.
«Настолькі Касцёл і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разумелі важнасць і каштоўнасць фармацыі свецкіх вернікаў»,— падкрэсліў ксёндз Андрэй Рылка.
Дасведчаная катэхетка Алена Татун з парафіі Святой Тройцы ў Канстанцінаве (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) прадставіла даклад «Роля свецкіх катэхетаў у Беларусі», асаблівым чынам адзначыўшы важнасць супрацоўніцтва з бацькамі ў працэсе катэхізацыі.
Завяршыла сімпозіум выступленне прадстаўніцы руху «Факаляраў» Паліны Копасавай, чый даклад называўся «Свецкія і евангелізацыя ў Беларусі».
Паколькі тэма гэтая вельмі шырокая, дакладчыца разгледзела толькі некаторыя аспекты з жыцця свецкіх і іх дзейнасці ў сферы евангелізацыі. Перадусім яна звярнулася да сямейнага жыцця і задання выхавання ўласных дзяцей.
«Евангелізацыя распачынаецца менавіта ў сям’і»,— падкрэсліла Паліна Копасава, пасля чаго пазнаёміла ўдзельнікаў сімпозіума з шэрагам евангелізацыйных супольнасцяў і рухаў у Касцёле на Беларусі, у якіх свецкія вернікі адыгрываюць асноўную ролю.
Усе прысутныя маглі задаць пытанні дакладчыкам у межах дыскусійнай панэлі, а потым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў заліковыя кніжкі студэнтам першага курсу Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі і Гродзенскага Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра.
Заключнае слова ўзяў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў, што дыялог на закранутыя тэмы патрэбны і выказаў спадзяванне на тое, што ён будзе мець працяг. Разам з тым старшыня каталіцкага епіскапату заўважыў, што сама фармулёўка «роля свецкіх у Касцёле» мае ў сабе пэўны дысананс.
«Гэта як роля вады ў рэчцы. Без вады няма рэчкі, без свецкіх няма Касцёла. Хутчэй, больш лагічна было б казаць пра асаблівую ролю духавенства ў Касцёле»,— адзначыў біскуп Буткевіч. На прыкладзе вобразу з кнігі прарока Эзэхіэля — вады, што выцякала з-пад правага боку святыні і аздараўляла ўсё навокал, — іерарх выказаў пажаданне, каб свецкія былі менавіта такой вадой, вакол якой усё будзе цвісці і прыносіць добры плён.
«Мая мара ў тым, што свецкія, як закваска, пераменяць гэты свет. Пакліканне — голас Божы, які трэба адкрыць і пачуць. Вялікай павінна быць рака са свецкіх людзей»,— сказаў на заканчэнне іерарх.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч выказаў падзяку арганізатарам сімпозіума, рэктару Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндзу каноніку Віталю Вайцяхоўскаму, выкладчыкам і семінарыстам за падрыхтоўку і правядзенне форуму, а таксама ўсім удзельнікам.