Паводле: CNA / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Фота біскупа А. Яшэўскага SDB
4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізкага, у Ватыкане адбылася урачыстая святая Імша з нагоды адкрыцця першай сесіі XVI звычайнай Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў.
Літургія распачалася а 9-й гадзіне раніцы з працэсіі па плошчы Святога Пятра дэлегатаў асамблеі, на якой Касцёл на Беларусі прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У сваёй гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы, Папа Францішак нагадаў прысутным словы, якія калісьці пачуў святы Францішак ад Бога: «Ідзі і адбудуй Касцёл мой».
Пантыфік падкрэсліў, што Cінод служыць напамінам аб тым, што «Касцёл заўсёды мае патрэбу ў ачышчэнні, у „рамонце“, паколькі мы — народ, які складаецца з грэшнікаў, якім прабачана <…>, заўсёды маем патрэбу ў вяртанні да крыніцы, якой з’яўляецца Езус, і у тым, каб зноў стаць на шлях Духа, каб данесці да кожнага Яго Евангелле».
«Дарагія кардыналы, біскупы, сёстры і браты, мы знаходзімся на адкрыцці Генеральнай асамблеі Сіноду. Тут нам не патрэбна чыста натуральнае бачанне, якое складаецца з чалавечых стратэгій, палітычных разлікаў або ідэалагічных баталій. Мы тут не для таго, каб распрацаваць план рэфармавання. Не. Мы тут не для таго, каб скласці парламент, але каб ісці разам з поглядам Езуса, які благаслаўляе Айца і прымае стомленых і прыгнечаных», — адзначыў Пантыфік.
У гаміліі Папа Францішак прадставіў сваё бачанне сінадальнага Касцёла; распавёў, што Езус хоча, каб «Касцёл быў адзіны і братэрскі <…>, які слухае і вядзе дыялог <…>, які благаслаўляе і падбадзёрвае, дапамагае тым, хто шукае Пана, з любоўю абуджае абыякавых, адкрывае шляхі, каб захапіць людзей хараством веры <…>, які мае Бога ў сваім цэнтры і таму не падзелены ўнутрана і ніколі не бывае суровым знешне».
Папа заклікаў людзей наследваць святога Францішка, які жыў у часы «вялікай барацьбы і падзелаў <…> паміж інстытуцыйным Касцёлам і ерэтычнымі плынямі», але не крытыкаваў і не «накідваўся» ні на каго, аддаючы перавагу «толькі евангельскай зброі: пакоры і адзінству, малітве і міласэрнасці».
Малітва вернікаў утрымлівала просьбу аб тым, каб Бог «даў тым, хто ўдзельнічае ў працы Сіноду, сэрцы, адкрытыя для натхнення Духа Святога, гатоўнасць слухаць сваіх братоў і сясцёр і клапаціцца пра патрэбы Касцёла ў сучасным свеце».
Сінод на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія» пройдзе ў дзве сесіі: першая з іх працягнецца з 4 па 29 кастрычніка, а другая пройдзе ўжо ў 2024 годзе. Іх удзельнікі абмяркуюць вынікі глабальнага кансультацыйнага працэсу.