13.09.2024

Хто мы

Мы — законная супольнасць святароў і братоў, заснаваная ў Рыме св. Юзафам Каласансам для цудоўнага і выключнага задання…

Наша місія…

выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, школьная адукацыйная дзейнасць, асаблівы клопат пра “ўбогіх і занядбаных”, фармацыя бацькоў…

Наша праца

навучанне ў школах (ад агульнаадукацыйных да ліцэяў), парафіяльнае душпастырства, групы прадоўжанага дня для “дзяцей вуліцы”, місійныя пляцоўкі ў Камеруне, апостальства на Беларусі, а таксама выдавецкая дзейнасць, правядзенне рэкалекцый, арганізацыя пілігрымак…

Піярская духоўнасць

абапіраецца на трох традыцыйных манаскіх шлюбах: чыстасці, убоства і паслухмянасці, але мае свой непаўторны характар. Кожны піяр складае чацвёрты шлюб, які растлумачвае ўсё: асабліва клапаціцца пра выхаванне дзяцей і моладзі…

Св. Юзаф Каласанс…

нарадзіўся ў 1557 годзе ў Перальта-дэ-ла-Саль (Іспанія). Праз некалькі гадоў пасля святарскага пасвячэння ён прыехаў у Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый. Аднак менавіта тут, у бедным гарадскім раёне за Тыбрам, дзякуючы натхненню Духа Святога Юзаф Каласанс адкрыў Бога, сапраўды прысутнага ва ўбогіх і занядбаных дзецях. Таму ён вырашыў змяніць свае планы і прысвяціць сваё жыццё менавіта гэтым дзецям. Гэта быў сапраўды радыкальны крок…

У 1597 годзе, у адным з самых бедных раёнаў Вечнага Горада, Юзаф Каласанс засноўвае (не без супраціўлення з боку некаторых людзей) першую ў Еўропе пачатковую школу — бясплатную, даступную для ўсіх. Такім чынам ён стаў стваральнікам новай сістэмы адукацыі, а таксама падрыхтаваў унутраную рэформу грамадства і Касцёла.

Св. Юзаф Каласанс ужо ніколі не вярнуўся на радзіму. Ён цалкам прысвяціў сябе новаму заданню, пра якое пісаў: “Тут, у Рыме, я знайшоў найлепшы спосаб служэння Богу і людзям. І нішто на свеце не прымусіць мяне адмовіцца ад гэтага…”.

Каб надаць трываласць сваёй справе, ён засноўвае Ордэн Пабожных Школаў (піяраў), у якім святары і законныя браты рэалізуюць апостальства навучання і выхавання, кіруючыся лозунгам “Пабожнасць і Навучанне”.

Заснавальнік ордэна піяраў памёр у Рыме ў 1648 годзе, але распачатая ім справа не загінула: ягоныя браты па супольнасці дасягнулі нават самых далёкіх куткоў Еўропы.

Аднымі з першых былі таксама

…і польскія піяры, якія зрабілі значны ўклад у развіццё польскай навукі і асветы. Дастаткова ўзгадаць вялікага выхаваўцу польскага народа кс. Станіслава Канарскага, стваральніка першай польскай граматыкі кс. Ануфрыя Капчынскага, выдатнага хіміка і фізіка кс. Асінскага, батаніка кс. Юндзіла. Сярод знакамітых выхаванцаў піярскіх школаў варта назваць Тадэвуша Касцюшку, Ігната Патоцкага, Станіслава Малахоўскага, Станіслава Манюшку, Войцеха Багуслаўскага, Яўхіма Левела, Ігната Дамейку. Несумненна, што сваёю дзейнасцю ў Польшчы на працягу больш, чым 350 гадоў, піяры даказалі: навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі, гэта сапраўды…

… найлепшы спосаб служэння Богу і людзям!

Пакінуць адказ