Душпастырскія аб’явы Лiда 29.01.2023

Р ы м а – к а т а л і ц к а я   п а р а ф і я

імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (м-н Індустрыяльны)

Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я  А Б ’ Я В Ы 

на 

ІV Звычайную Нядзелю /А/

 29.01.23г.

 

  • Сёння, у апошнюю нядзелю студзеня, адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з праказай. Праказа — гэта хранічнае, інфекцыйнае захворванне, якое звычайна паражае скуру і перыферычныя нервы. У біблейскія часы праказай называлі цэлы шэраг скураных хвароб, якія рабілі хворага «нячыстым». Сёння, праказа не адносіцца да масавых захворванняў, аднак па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў свеце ёй пакутуюць каля 11-ці мільёнаў чалавек, сярод якіх мужчын ўтрая больш, чым жанчын. Памятайма ў малітве пра тых, хто хварэе рознымі скуранымі хваробамі.

 

  • Таксама, сёння пасля св. Імшы ў 11.30 у касцёле адбудзецца бацькоўскі сход тых дзяцей, якія ў маі прыступяць да Першай Св. Камуніі. Прысутнасць прынамсі аднаго з бацькоў – абавязковая!

 

  • 30 студзеня (пн) – у 19.15 у класе будзе катэхеза для дарослых. Сардэчна запрашаем!

 

  • 31 студзеня (ат)успамін св. Яна Боско, святара.

 

  • 1 лютага (ср) 9-я гадавіна біскупскага пасвячэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У гэты дзень будзем даручаць яго Пану Богу ў нашых малітвах. Складковая св. Імша Аб здароўі і патрэбных ласках праз заступніцтва МБ Нястомнай Дапамогі адбудзецца ў 18.30.

 

  • 2 лютага (чц)  Свята Ахвяравання Пана (МБ Грамнічнай) і дзень кансэкраванага жыцця. Падчас св. Імшаў а 9.00 і ў 18.30 адбудзецца благаслаўленне грамнічных свечак. Нагадваем, што благаслаўляюцца толькі новыя свечкі і выключна падчас святой Імшы! (г.зн. благаслаўленне свечак і св. Імша – гэта адно цэлае). Таму, не варта спазняцца на св. Імшу, таму, што благаслаўленне свечак будзе напачатку св. Імшы. Па-за св. Імшой грамнічныя свечкі не благаслаўляюцца. У гэты дзень таксама будзем маліцца за манаскія асобы, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў Паўсюдным Касцёле. У гэты дзень ахвяраванні складзеныя на тацу будуць прызначаны на ўтрыманне кляўзуровых кляштараў (г.зн. такіх кляштараў, дзе манахі ці манахіні жывуць, моляцца і працуюць у замкнёнай для гэтага свету частцы кляштара (г.зв. кляўзуры) і не выходзяць у свецкае жыццё). Таксама, гэта першы чацвер месяца. У гэты дзень будзем маліцца аб святарскіх, манаскіх і місійных пакліканнях. У гэтай інтэнцыі будзе цэлебравацца св. Імша ў 18.30. 2 лютага ўжо развітаемся з батлейкай.

 

  • 3 лютага (пт)успамін св. Блажэя, біскупа і мучаніка.         Напрыканцы св. Імшаў адбудзецца благаслаўленне свечак святога Блажэя. Штогод, у гэты дзень у касцёлах благаслаўляюцца свечкі, якія называюцца «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі падчас благаслаўлення, якое дзякуючы нашай веры ў Бога і заступніцтву святога Блажэя, ахоўвае вернікаў ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла. Таксама, гэта першая пятніца месяца. Першапятнічная споведзь будзе перад св. Імшамі раніцай і ўвечары, а набажэнства ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса адбудзецца пасля вячэрняй   св. Імшы.

 

  • З 3 па 5 лютага ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” ў Росі (у Ваўкавыскім раёне) адбудуцца рэкалекцыі для мужчын, якія будуць прысвечаны тэме “Нашто Пан даў мне жыццё?”. Рэкалекцыі правядзе кс. Андрэй Рылка, канцлер Пінскай дыяцэзіі. Інфармацыя для зацікаўленых мужчын размешчана на плакаце на дошцы аб’яваў або інфармацыю можна знайсці на інтэрнэт-старонцы Гродзенскай дыяцэзіі:

https://grodnensis.by/anonsy/11569-muzhchyny-zaprashayutstsa-na-rekalektsyi-ros.html

 

  • 4 лютага (сб) – Гэта першая субота месяца. Св. Імша складковая за памерлых адбудзецца а 9.00. Набажэнства ў гонар Беззаганнага Сэрца НПМ будзе пасля вячэрняй св. Імшы.

 

  • 5 лютага Першая нядзеля месяца. Пасля св. Імшы а 10.00 адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыя. Пасля адарацыі і благаслаўлення будзе змена ружанцовых таямніцаў.

Інтэнцыя на месяц люты: Будзе малітва аб здароўі для ўсіх хворых і аб Божым бл. для ўсіх лекараў і медычнага персаналу, якія клапоцяцца пра хворых.

Таксама, у наступную нядзелю, напрыканцы св. Імшаў адбудзецца благаслаўленне хлеба і вады св. Агаты. Хлеб і ваду трэба прынесці з сабой.

 

  • Учора закончылася наведванне сем’яў нашай парафіі (каляда). Вялікі дзякуй усім тым, хто прымаў святара, за разуменне сэнсу каляды, за размовы, за вашы пытанні і прапановы, за ахвяраванні і пачастункі. Няхай Пан Бог аддзячыць Вам за адкрытыя і шчырыя хрысціянскія сэрцы!

 

  • У сакрыстыі запісваем інтэнцыі св. Імшаў індывідуальныя і складковыя.

 

  • У касцёльным кіёску можна набываць свечкі на свята Маці Божай Грамнічнай і на ўспамін св. Блажэя. Таксама ёсць прыгожыя абразікі з выявай св. Агаты і малітвай праз яе заступніцтва.

 

  • З душпастырскімі аб’явамі можна азнаёміцца на інтэрнэт-старонцы www.pijary.info

 

  • Вялікі дзякуй за Вашу прысутнасць, супольную малітву і ахвяраванні. Няхай Пан Бог Вам аддзячыць. Жадаем усім шчаслівага новага тыдня!

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews