Душпастырскія аб’явы Лiда 27.11.2022

Р ы м а – к а т а л і ц к а я   п а р а ф і я

імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (м-н Індустрыяльны)

Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я  А Б ’ Я В Ы 

на 

І НЯДЗЕЛЮ АДВЭНТУ /А/

  1. 27.11.2022 г.

 

  • Сёння 27 лістападаІ Нядзеля Адвэнту. У Касцёле распачаўся новы літургічны і пастырскі год, які ў Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам:“Апостальства свецкіх – знак надзеі Касцёла ў Беларусі”. Перыяд Адвэнту – гэта час пабожнага і радаснага чакання на прыйсце Збавіцеля і таму ён не мае пакутнага характару ў параўнанні з Вялікім постам. Перыяд Адвэнту складаецца з двух частак: 1-я частка Адвэнту - дні да 16 снежня — гэта час рэфлексіі і падрыхтоўкі вернікаў да паўторнага прыйсця Збаўцы на прыканцы часоў; 2-я частка Адвэнту — дні ад 17 да 24 снежня – гэта час непасрэднай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Касцёл заахвочвае кожнага верніка ў перыяд Адвэнту засяродзіцца над сваімі адносінамі з Богам і людзьмі, над сваім духовым жыццём, каб перажыць гэты асаблівы час пабожна і ў трэзвасці.

Рараты (св. Імшы ў гонар Маці Божай) у нашым касцёле будуць штодзённа (апроч нядзелі) а 7.00.

Рараты для дзяцей будуць у панядзелак, сераду і пятніцу а 7.00.

На Рараты дарослыя прыносяць свечкі, а дзеці прыходзяць з ліхтарыкамі. Падчас апошніх Раратаў для дзяцей, адбудзецца конкурс на самы прыгожы ліхтарык, зроблены ўласнымі рукамі.

 

  • 29 лістапада (ат) – дзевятая гадавіна прэканізацыі – г.зн. зацвярджэння папам Францішкам і абвяшчэння біскупскай намінацыі ксяндза Юзафа Станеўскага. У гэты дзень памятайма ў сваіх малітвах пра арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

 

З літургічнага календара:

 

  • 30 лістапада (ср)свята св. Андрэя, Апостала. У гэты дзень свае імяніны будзе святкаваць Пан Андрэй – арганіст нашай парафіі. Таму, у аўторак напрыканцы св. Імшы а 18.30 ад імя ўсёй нашай парафіі будзем віншаваць яго з імянінамі. Таксама, у гэты дзень памятайма ў сваіх малітвах пра ўсіх імяніннікаў-Андрэяў.

 

  • 1 снежня (чц)першы чацвер месяца. У гэты дзень будзем маліцца аб святарскіх, манаскіх і місійных пакліканнях. У гэтай інтэнцыі будзе цэлебравацца св. Імша ў 18.30.

 

  • 2 снежня (пт) – Першапятнічная споведзь будзе раніцай і ўвечары перад св. Імшой, а набажэнства ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы.

 

  • 3 снежня (сб)успамін св. Францішка Ксавэрыя, святара. Гэта першая субота месяца. У гэты дзень з 11.00 распачнецца перадсвяточная споведзь для старэйшых і хворых парафіянаў у Чэхаўцах і Верх-Лідзе. Св. Імша складковая за памерлых адбудзецца не раніцай, а вечарам у 18.30. Набажэнства ў гонар Беззаганнага Сэрца НПМ будзе пасля вячэрняй св. Імшы.  Вечарам у 19.15 у касцёле адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту для моладзі і тых, хто лічыць сябе маладым.

 

  • 4 снежня  ІІ Нядзеля Адвэнтупершая нядзеля месяца. Пасля св. Імшы а 10.00 адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыя. Пасля благаслаўлення будзе змена ружанцовых таямніцаў.

Інтэнцыя на месяц снежань: Будзе малітва Аб Божым благаслаўленні для сужонкаў і сем’яў нашай парафіі, а таксама аб плённым перажыванні перыяду Адвэнту. У ІІ-ю Нядзелю Адвэнту асаблівым чынам будзем маліцца за дарчынцаў Касцёла на Гродзеншчыне. У гэты дзень у парафіяльным касцёле Божай Міласэрнасці ў м-не Маладзёжны а 19.00 гадз. выступіць хор “Śpiewające sercem з праграмай пад назвай: “Паспей на цягнік, які вязе на неба”.

 

  • З 1 па 24 снежня ў сакрыстыі перад або пасля Св. Імшы будзем запісваць на Душпастырскае адведванне сем’яў (каляду). Каляда ў нашай парафіі распачнецца 27 снежня (ат).

 

  • У сакрыстыі запісваем інтэнцыі на св. Імшы на наступны год.

 

  • У касцёльным кіёску можна набываць аплаткі на вігілійны стол,  календары на 2023 г., “калядныя свечкі” ад Карытас Гродзенскай дыяцэзіі. Сабраныя сродкі ад продажу свечак будуць прызначаны на дапамогу сацыяльна неабароненым дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе. Дзякуем усім тым, хто кожны год далучаецца да гэтай дабрачыннай акцыі і заахвочваем набываць“калядныя свечкі”.

 

  • Вялікая просьба, каб ужо ў сакрыстыі запісваць старэйшых і хворых парафіянаў, якія ўжо самыя не могуць прыйсці ці прыехаць у касцёл каб перад святамі паспавядацца, прыняць св. Камунію і сакрамэнт намашчэння хворых. Запісваць і адведваць хворых будзем з заўтрашняга дня да 10 снежня ўключна. Вялікая просьба не адкладваць на апошнія дні перад святамі, таму што распачнуцца споведзі ў парафіях Лідскага дэканату і святарам будзе складаней знайці час.

 

  • Дзень споведзі перад урачыстасцю Божага Нараджэння ў нашай парафіі адбудзецца 20 снежня (ат).

 

  • Ёсць апошні нумар газеты „Слова Жыцця” і часопісаAve Maria. Заахвочваем браць і чытаць каталіцкую прэсу.

 

  • З душпастырскімі аб’явамі можна азнаёміцца на інтэрнэт-старонцы www.pijary.infо

 

  • Усім вялікі дзякуй за Вашу прысутнасць, супольную малітву і ахвяраванні. Жадаем усім Вам пабожнага і плённага перажывання перыяду Адвэнту і благаслаўлёнага новага тыдня!

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews