22.05.2024

wypusk szuczin 16

Кожны год выпускнікі са шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай адпраўляюцца ў Нацыянальны санктуарый, каб памаліцца да Маці Божай Будслаўскай. Гэты год не стаў выключэннем, пілігрымка адбылася 2-3 мая.

Маладыя людзі наведалі спачатку Іўе – горад, які называюць другім Рыа-дэ-Жанейра. Там яны пабывалі ў мячэці, дзе набажэнствы праходзяць па пятніцах. Пры ўваходзе ў яе трэба абавязкова зняць абутак і пакрыць галаву, моляцца седзячы “па-турэцку”. Удзельнічаць у набажэнстве ў мячэці мае права толькі той, хто ўмее чытаць Каран па-арабску.

У цэнтры Іўя знаходзіцца манумент “Адзінства чатырох канфесій”. Шчучынскія выпускнікі пабывалі ў мясцовым касцёле, пабудаваным у XVII стагоддзі. Тут жа можна знайсці і кляштар бэрнардынаў, размешчаны на высокім узгорку. Фігура Езуса, усталяваная побач, бачная з любой кропкі горада.

У касцёле францішканаў у Гальшанах можна адзначыць маляўнічы роспіс алтарнай сцяны, якая імітуе паўкруглую каланаду, і пышную ляпніну. Вандроўнікаў уразіў таксама Гальшанскі замак, які пабудавалі знакамітыя Сапегі. Моладзь наведала і Крэўскі замак, пабудаваны ў стылі замка-кастэля ў ХІІІ стагоддзі і моцна разбураны падчас Першай сусветнай вайны. Цяпер вядуцца працы па яго аднаўленні. У гэтым замку ў 1385 годзе была заключана Крэўская унія, а праз два гады па загадзе Ягайлы была пабудавана каталіцкая святыня, якую шчучынскія падарожнікі таксама наведалі.

wypusk szuczin 6

Пасля моладзь пабывала ў касцёле ў Гудагаі, які першапачаткова ўваходзіў у кляштарны комплекс кармэлітаў, зачынены ў 1830 годзе. Парафіянам удалося выкупіць будынак касцёла, і ў 1906 г. у ім зноў пачалі праводзіць набажэнствы. Па дарозе таксама пабачылі Беларускую АЭС у Астраўцы.

Наступным пунктам стаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, які часта параўноўваюць з парыжскім Нотр-Дамам. Касцёл узведзены ў неагатычным стылі, вышыня складае 61 м, пабудавалі яго за 4 гады. Штодня ў працах удзельнічалі больш за 70 чалавек. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што пры вырабе вапнавай сумесі для большай трываласці выкарыстоўвалі курыныя яйкі, якімі забяспечвалі працоўных мясцовыя жыхары.

Далей маладыя людзі наведалі касцёл св. Андрэя ў Нарачы, узведзены з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, і касцёл Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі, пабудаваны ў стылі позняга барока. З тэрыторыі мядзельскага касцёла бачна возера Нарач, каля берагоў якога пілігрымы таксама пабывалі.

Самым галоўным пунктам маршруту стаў касцёл у Будславе, у які падарожнікі прыбылі ўвечары. Там яны пабачылі цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, а раніцай удзельнічалі ў Імшы, на якой маліліся за ўсіх выпускнікоў і за Беларусь.

Заключным пунктам падарожжа стаў мемарыяльны комплекс Хатынь. Там слёзным рэхам адгукаецца ў душы звон, які раз у паўхвіліны праносіцца па ўсім мемарыяльным комплексе, нагадваючы пра трагічныя падзеі 1943 года.

 

wypusk_szuczin_10
wypusk_szuczin_11
wypusk_szuczin_12
wypusk_szuczin_14
wypusk_szuczin_15
wypusk_szuczin_16
wypusk_szuczin_17
wypusk_szuczin_2
wypusk_szuczin_3
wypusk_szuczin_4
wypusk_szuczin_5
wypusk_szuczin_7
wypusk_szuczin_8
wypusk_szuczin_9

Наталля Гарбіна

Фота: Дар’я Стэльмашок

Пакінуць адказ