МОЛАДЗЬ СА ШЧУЧЫНСКАЙ ПАРАФІІ ЗДЗЕЙСНІЛА ПАДАРОЖЖА ПА ГРОДЗЕНШЧЫНЕ

paezdka sz 3

30 красавіка айцы піяры са Шчучына арганізавалі невялікую паездку для моладзі, якая рыхтуецца прыступіць да сакрамэнту канфірмацыі.

Група з пяці чалавек разам з пробашчам шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай айцом Андрэем Агелем SP наведала касцёл св. Казіміра ва Уселюбе, навагрудскі фарны касцёл Перамянення Пана, возера Свіцязь, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны).

Касцёл св. Казіміра ва Уселюбе – самая старая каталіцкая святыня Беларусі, пабудавана ў 1433 годзе. Удзельніца паездкі Ксенія расказвае: “Нас сустрэў пробашч парафіі ксёндз Віталь Цыбульскі. Ён распавёў нам гісторыю касцёла, пра яго асаблівасці. Таксама на тэрыторыі святыні ёсць месцы для сямейнага адпачынку, мы з задавальненнем бавілі час і нават напісалі водгук у кнізе гасцей”.

Навагрудскі фарны касцёл Перамянення Пана быў узведзены ў 1723 г. на месцы ранейшага, пабудаванага ў 1395 годзе князем Вітаўтам. У 1422 годзе ў старым навагрудскім касцёле князь Ягайла ўзяў шлюб з Соф’яй Гальшанскай. У гонар 600-годдзя з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай побач са святыняй пасадзілі лістоўніцу, а побач устанавілі памятны камень.

4 верасня 1929 г. па просьбе біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Навагрудак прыбылі сёстры назарэтанкі. У 1941 годзе падчас нямецкай акупацыі сёстры былі выгнаныя з кляштара і жылі ў вернікаў парафіі.

paezdka sz 6

У 1942 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады здзяйснялі рэпрэсіі супраць яўрэйскага і польскага насельніцтва Навагрудка. Большая частка яўрэйскага насельніцтва горада была расстраляна. Другая хваля рэпрэсій паўтарылася ў 1943 годзе, 18 ліпеня былі арыштаваны 120 жыхароў Навагрудка і ксёндз Аляксандр Зянкевіч. Настаяцельніца мясцовай супольнасці назарэтанак сястра Марыя Стэла звярнулася да нямецкіх уладаў з просьбай адпусціць арыштаваных, прапанаваўшы, што сёстры заменяць іх сабой. 31 ліпеня 1943 г. нацысты арыштавалі адзінаццаць манахінь, якія на наступны дзень былі расстраляны ў лесе недалёка ад Навагрудка.

“Я раней не чула поўную гісторыю пра адзінаццаць сясцёр назарэтанак, – расказвае ўдзельніца паездкі Алена. – Нам распавялі ўсю гісторыю сясцёр. Мне вельмі спадабаўся касцёл”.

Возера Свіцязь лічыцца адным з самых чыстых вадаёмаў Беларусі. Сюды штогод прыязджаюць адпачыць і парыбачыць шмат людзей. Возера акружана густым лесам з унікальным ландшафтам, рэдкімі раслінамі.

“Возера вельмі вялікае і прыгожае, – кажа Паліна, іншая ўдзельніца падарожжа. – Яго цікавая асаблівасць заключаецца ў тым, што вада ў ім празрыстая і можна ўбачыць дно. Географы называюць возера Свіцязь “Вока сярод лесу””.

На заканчэнне моладзь са Шчучына пабывала ў лідскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе таксама служаць айцы піяры. “Мне вельмі спадабаўся гэты касцёл, – дзеліцца Аня, – спадабалася тэрыторыя вакол яго і архітэктура святыні”.

Удзельнікі паездкі засталіся вельмі задаволеныя, атрымалі цікавыя ўражанні і рады, што мелі магчымасць здзейсніць такую вандроўку. Яны ўдзячныя за яе пробашчу сваёй парафіі айцу Андрэю Агелю.

 

Паліна Вількевіч

Фота: Ксенія Панімаш

https://www.grodnensis.by/

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews