21.06.2024

30 мая ў шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай дзеці і моладзь з 1 па 11 клас на святой Імшы дзякавалі Богу за навучальны і катэхетычны год, які падышоў да канца.

На пачатку літургіі пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP заклікаў палюбавацца дарослымі, памужнелымі і прыгожымі выпускнікамі, якія за многія годы служэння пры алтары разам са святарамі сталі адной каталіцкай сям’ёй.

Падчас Эўхарыстыі адбылася працэсія моладзі з дарамі. Да алтара былі прынесены спартыўны кубак як сімвал спаборніцтваў, якія чакаюць хлопцаў і дзяўчат у жыцці; кветка як сімвал прыгажосці створанага Богам свету; ікона святога Юзафа Каласанса, заснавальніка Ордэну піяраў; Біблія, бо толькі гэтая Кніга мае ў сабе скіраванае да хрысціян Слова; хлеб і віно, бо яны сталі Целам і Крывёю Езуса Хрыста, Збаўцы свету, і хрысціяне прымаюць Яго Цела як духоўны пасілак у дарозе да Неба.

На працягу Імшы святары, дзеці, бацькі і ўсе веруючыя прасілі Бога аб бяспечных летніх канікулах і дарах Духа Святога для тых, хто здае экзамены і тэсты.

Па традыцыі ў гэты дзень фігурка св. Юзафа Каласанса ў знак вернасці і адказнасці за парафію была перададзена адным з выпускнікоў (сёлета – Марыя Чэхунова) свайму малодшаму сябру-дзесяцікласніку (у гэтым годзе – Уладзіслаў Мяткоўскі).

Яшчэ адным важным момантам сёлетняга падсумавання навучальнага і катэхетычнага года стала ўзнагароджванне лепшых міністранта і харыста года, якіх выбірала сама моладзь галасаваннем. Імі сталі Мілана Паўлюкевіч (малодшы хор), Караліна Яхімчык (старэйшы хор) і Валянцін Сцепанцэвіч (міністрант). Акрамя таго, прагучалі словы пажаданняў ад святароў і былі ўручаны памятныя сувеніры ўсім, хто ў гэтым годзе заканчвае вучобу ў школе і збіраецца паступаць.

Дадатковым падарункам стала традыцыйная супольная сустрэча святароў, моладзі і бацькоў. Малітва, конкурсы, прысмакі, гульні, танцы і эстафеты для бацькоў не пакінулі ўдзельнікаў абыякавымі, усе без выключэння далучаліся да забаваў, танцавалі і частаваліся.

Бацькі і моладзь выказалі святарам словы ўдзячнасці, а заканчэннем сустрэчы стала супольнае фота, якое зойме годнае месца ў сем’ях удзельнікаў.

Аксана Цыбульская

Фота: Рыта Янкоўская

https://grodnensis.by/

Пакінуць адказ