21.06.2024

10-11 мая выпускнікі з парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне здзейснілі падарожжа ў Будслаў.

Кожны год для выпускнікоў Шчучына арганізоўваецца міні-падарожжа па значных месцах. У ходзе сёлетняй паездкі моладзь наведала шмат касцёлаў і гісторыка-культурных мясцін.

Першым прыпынкам было Іўе. Там маладыя людзі наведалі мячэць, дзе ім распавялі, што Іўе лічыцца татарскай сталіцай Беларусі. У касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі распавёў ім гісторыю святыні. У цэнтры горада моладзь пабачыла помнік чатыром канфесіям, якія мірна існуюць у Іўі не адно стагоддзе. Кожная арка разгорнута ў бок святыні канкрэтнай рэлігіі, што спрыяе таму, каб турысты лягчэй маглі дабрацца да таго ці іншага месца.

Недалёка ад Іўя, у Трабах, у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі сястра законная пазнаёміла маладых людзей з гісторыяй святыні.

У касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах выпускнікі маглі ўбачыць 3D-фрэскі і цудатворны абраз Маці Божай Балеснай. Далей група накіравалася ў рэзідэнцыю роду Сапегаў – Гальшанскі замак, які нядаўна часткова быў адноўлены. Выпускнікі змаглі пабываць унутры замка і падняцца наверх.

Затым моладзь апынулася ў Крэўскім замку. Насупраць замка знаходзіцца касцёл Перамянення Пана, размешчаны на высокім узгорку, з якога адкрываецца прыгожы від на Крэва.

Пасля выпускнікі накіраваліся ў Гудагай да цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай. Айцец Юрый Находка OCD пазнаёміў іх з гісторыяй санктуарыя і распавёў пра некаторыя цуды, якія адбываліся ў жыцці вернікаў праз малітву перад абразом Маці Божай.

Хутка моладзь прыбыла ў адну з самых высокіх і прыгожых святыняў – касцёл у Гервятах. Выпускнікі былі пад вялікім уражаннем ад прыгажосці і вытрыманасці стылю касцёла. Там яны памаліліся за былога спачылага пробашча парафіі.

Па дарозе ў Мядзел маладыя людзі маглі пабачыць Нарачанскі нацыянальны парк.

У Мядзелі моладзь зазірнула ў касцёл Маці Божай Шкаплернай. Там выпускнікам распавялі, што ў хуткім часе выгляд святыні ўнутры зменіцца, бо нядаўна былі знойдзеныя арыгінальныя фрэскі.

Нарэшцэ маладыя людзі прыбылі ў Будслаў. Такім чынам група моладзі апошняй бачыла Нацыянальны санктуарый у яго звычайным выглядзе. Раніцай 11 мая ў ім здарыўся пажар, і маладыя людзі, не шкадуючы сіл і без страху, дапамагалі выносіць з санктуарыя рэчы, а калі ўжо нічым не маглі дапамагчы, маліліся на ружанцы, просячы аб спыненні пажару.

Па дарозе дадому выпускнікі заехалі ў Мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Мемарыял паўтарае планіроўку вёскі, загінулай у 1943 г., і з’яўляецца трагічным напамінам пра жахі вайны. Гэта адно з найбольш шанаваных месцаў у Беларусі.

На кожным прыпынку ў групы быў гід – выпускнік, які падрыхтаваў займальны аповед.

Маладыя людзі адзначаюць, што падарожжа было пазнавальным, духоўным і незабыўным. Яны дзякуюць арганізатарам падарожжа, а таксама ўсім, хто з адкрытым сэрцам сустракаў іх і дзяліўся гісторыямі.

 

 

 

Вікторыя Яцэвіч

Фота: Рыта Янкоўская

https://grodnensis.by/

Пакінуць адказ