КАНФІРМАЦЫЯ Ў ШЧУЧЫНЕ: “СВЯТЫ ДУХ РАЗАГРАВАЕ НАШЫ СЭРЦЫ”

bezmowanie_szuszin_3

12 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне.

Падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі гэтай парафіі, a таксама моладзі парафіі св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Ляцку.

У гаміліі біскуп казаў пра адкрыццё на дзеянне Духа Святога, бо без Яго, па словах іерарха, “нам было б вельмі цяжка верыць, маліцца, трываць у праўдзе, справядлівасці і любові, пераадольваць цяжкасці, змагацца з уласнымі грахамі, выконваць добрыя ўчынкі, узрастаць у любові да Бога і да бліжняга”.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што “Святы Дух разагравае нашыя сэрцы, чыніць іх чуйнымі на Божую любоў і здольнымі адорваць цяплом любові ўсіх тых, хто побач з намі”.

Біскуп заклікаў моладзь, якая атрымала ў гэты дзень сем дароў Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці, быць для свету жывым Евангеллем і паказваць іншым шлях да Бога сваім прыкладам.

На заканчэнне Імшы тыя, хто прыняў сакрамэнт, выказалі падзяку біскупу, святарам, дыякану, якія рыхтавалі іх падчас урокаў катэхезы. Таксама яны запэўнілі, што жадаюць і далей падтрымліваць дух святой веры, заўсёды жывучы з Богам і будучы Яго вернымі дзецьмі.

Пробашч парафіі а. Андрэй Агель SP падзякаваў усім за ўдзел у супольнай малітве, а сваім маладым парафіянам пажадаў ніколі не пакідаць Бога і не выракацца веры.

 

Кс. Юрый Марціновіч

https://grodnensis.by/

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews