З 24 па 26 сакавіка ў парафіі святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне праходзілі велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў айцец марыянін Павел Федаровіч з Барысава.
На працягу трох дзён святар разважаў падчас навукі пра веру, грэх, праблему звычак чалавека, а таксама дзяліўся асабістым сведчаннем са свайго жыцця.
У межах духоўных практыкаванняў былі і сустрэчы рэкалекцыяніста з моладдзю. У першы дзень айцец Павел разважаў разам з моладдзю на тэму “праўда пра сябе”. Падчас сустрэчы ён асабліва падкрэсліў, як важна ведаць сябе і стаяць перад сабой у праўде, каб будаваць добрыя адносіны з Богам і бліжнім. У другі дзень рэкалекцый усе разам маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, разважаючы пра безумоўную любоў Бога да сваіх дзяцей.
Апошні дзень рэкалекцый быў асабліва важным. Парафіяне са сваімі святарамі і рэкалекцыяністам прайшлі Крыжовым шляхам па вуліцах горада, разважаючы над падзеямі з жыцця Збаўцы праз прызму Яго Мукі. Падчас набажэнства вялікі крыж неслі па запрашэнні айца Паўла людзі з рознымі сацыяльнымі статусамі. У стацыях Крыжовага шляху вернікі стараліся ўбачыць сябе, падзеі штодзённага жыцця і знайсці дапамогу ў Евангеллі.
Можна спадзявацца, што рэкалекцыі садзейнічалі таму, каб Езус знайшоў шлях да кожнага з іх удзельнікаў.
Айцец Павел пажадаў парафіянам, каб пасля гэтых духоўных практыкаванняў яны адчулі сябе іншымі, перамененымі, напоўненымі любоўю і маглі ўбачыць Збаўцу ў кожным чалавеку, каб калісьці пачуць словы: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету” (Мц 25, 34).
Пробашч айцец Андрэй Агель SP ад імя сабратоў і ўсіх парафіянаў падзякаваў айцу Паўлу за прамоўленае Божае слова, навуку і дзяленне асабістым досведам. Словы ўдзячнасці пробашч выказаў таксама святарам Шчучынскага дэканату за ўдзяленне сакрамэнту пакаяння.
Рыта Янкоўская
Фота: Рыта Янкоўская, Людміла Казлова
https://grodnensis.by/