Р ы м а – к а т а л і ц к а я п а р а ф і я
імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (м-н Індустрыяльны)
Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я А Б ’ Я В Ы
на
ІІІ Нядзелю Вялікага посту /В/
07.03.2021 г.
- Сёння 7 сакавіка – ІІІ Нядзеля Вялікага посту і Агульнанацыянальны дзень “Карытас”. Ахвяраванні, якія Вы сёння складалі на тацу, будуць прызначаны на патрэбы Дабрачыннай арганізацыі “Caritas” у Беларусі. Сёння першая нядзеля месяца. Пасля св. Імшы а 10.00 адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і кароткая адарацыя. Пасля адарацыі і благаслаўлення адбудзецца змена ружанцовых таямніцаў.
Інтэнцыя на месяц сакавік: Будзе малітва аб навяртанні да Бога і плённым перажыванні перыяду Вялікага посту ў сем’ях нашай парафіі.
- Вялікая просьба, каб ад сённяшняй нядзелі па 20 сакавіка (уключна) у сакрыстыі запісваць старэйшых і хворых парафіян, якія ўжо самыя не могуць прыйсці ў касцёл, але жадаюць перад святамі паспавядацца, прыняць св. Камунію і сакрамэнт намашчэння хворых.
- 8 сакавіка (пн) – Міжнародны жаночы дзень. У гэты дзень асаблівым чынам падчас св. Імшы а 18.30 будзем маліцца за ўсіх дзяўчын і жанчын.
- 8 снежня 2020 г. Папа Францішак абвясціў у Касцёле Год св. Юзафа прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. Ён будзе працягвацца па 8 снежня бягучага года. У сувязі з гэтым Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч заахвочвае, каб ва ўсіх касцёлах і капліцах нашай дыяцэзіі пасля кожнай св. Імшы (а дакладна: пасля благаслаўлення) маліцца да св. Юзафа і запрапанаваў малітву якую адмыслова напісаў Папа Францішак. Таму, 10 сакавіка распачнем навэнну да св. Юзафа перад урачыстасцю св. Юзафа, Абранніка НПМ. Ад 19 сакавіка да 8 снежня пасля благаслаўлення на заканчэнне кожнай св. Імшы будзем маліцца праз заступніцтва св. Юзафа.
- 13 сакавіка (сб) – Восьмая гадавіна абрання Папы Францішка на пасаду св. Пятра. У гэты дзень будзем маліцца за пантыфіка, каб Бог захаваў яго ў здароўі на наступныя гады апосталькага служэння.
- Заахвочваем да ўдзелу ў велікапосных набажэнствах:
- Крыжовы шлях (Droga Krzyżowa) у кожную пятніцу:
а 9.30 (пасля ранішняй св. Імшы)
а 17.00 для дзяцей і школьнай моладзі
а 19.00 (пасля вячэрняй св. Імшы)
- Песні Жальбы (Gorzkie żale) у кожную нядзелю а 17.30.
Хто не можа ўдзельнічаць у велікапосных набажэнствах у касцёле, заахвочваем маліцца дома. Нагадваем, што за ўдзел у велікапосных набажэнствах можна атрымаць цалкавіты адпуст кары за свае грахі або аднаго памерлага.
- Велікапосныя рэкалекцыі ў нашай парафіі адбудуцца з 22-га па 24-га сакавіка (пн, ат, ср), якія правядзе кс. Віталій Сідорка, пробашч парафіі св. Юзафа — рамесніка і сясцёр назарэтанак – мучаніц з м-на Паўднёвы ў Лідзе. Дзень споведзі адбудзецца 23 сакавіка (ат).
- У сакрыстыі запісваем інтэнцыі св. Імшаў індывідуальныя і складковыя.
- Перад алтаром размешчана спецыяльная скарбонка, у якую можна складаць свае ахвяраванні на кветкі, якімі будзе ўпрыгожана Божая грабніца і алтар на Пасху.
- У касцёльным кіёску можна набываць велікодныя паштоўкі і іншыя дэвацыяналіі.
- Вялікі дзякуй за ўсе Вашы ахвяраванні на патрэбы нашага касцёла і парафіі.
- З душпастырскімі аб’явамі нашай парафіі можна азнаёміцца на інтэрнэт-старонцы www.pijary.info