Душпастырскія аб’явы Лiда 01.11.2020

Р ы м а – к а т а л і ц к а я   п а р а ф і я

імя Унебаўзяцця Маці Божай у Лідзе (Індустрыяльны)
Д У Ш П А С Т Ы Р С К І Я  А Б ’ Я В Ы
на
 XXXІ ЗВЫЧАЙНУЮ НЯДЗЕЛЮ /А/

01.11.2020 г.

  • Сёння 1 лістапада (ндз) – Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ўшаноўваюць усіх святых — як вядомых, так і невядомых, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. Сёння таксама прыпадае першая нядзеля месяца (адарацыйная). Пасля св. Імшы а 10.00 абудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і змена ружанцóвых таямніцаў. Інтэнцыя на месяц лістапад: Будзе малітва Аб памнажэнні веры ў жыццё вечнае ў нашых сем’ях.
  • 1 лістапада 1972 г. адышоў у вечнасць кс. Марыян Чабанóўскі, піяр, які нёс душпастырскае служэнне ў Лідзе і быў пробашчам на Слабадзе. Памятайма пра памерлага святара-піяра ў нашых малітвах.
  • Сёння распачалася актава Успаміну ўсіх памерлых вернікаў (ад 1 да 8 лістапада). Памятайма, што Касцёл сёлета даé нам магчымасць атрымаць поўны адпуст за памерлых не толькі на працягу 8-мі дзён актавы, але і на працягу ўсяго лістапада. На гэтым тыдні выпамінкавая малітва за памерлых у буднія дні будзе: ружанец ў 17.45 і св. Імша ў 18.30. На працягу лістапада будзе 10 св. Імшаў за памерлых.
  • Св. Імша і выпамíнкавы ружанец на мóгілках у Верх-Лідзе будуць сёння а 14.00.
  • Кс. пробашч Андрэй Зноска з парафіі Божай Міласэрнасці ў     м-не Маладзёжны інфармуе аб тым, што Св. Імша, набажэнства за памерлых і благаслаўленне новых помнікаў на старых мóгілках Зосіна адбудзецца 1 лістапада а 13.00, а на новых мóгілках Зосіна-2 адбудзецца ў панядзелак 2 лістапада а 13.00.
З літургічнага календара:
  • 2 лістапада (пн) - Успамін усіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень наведваем мóгілкі і асаблівым чынам молімся за памерлых. У гэты дзень у нашым касцёле св. Імшы будуць а 9.00 і ў 18.30.
  • 4 лістапада (ср) – успамін св. Кáраля Барамэя, біскупа. У нашай Гродзенскай дыяцэзіі гэта дзень малітвы за спачылае духавенства.
  • 5 лістапада (чц) – першы чацвер месяца. У гэты дзень асаблівым чынам будзем маліцца аб святарскія, манаскія і місійныя пакліканні.
  • 6 лістапада (пт) – першая пятніца месяца. Першапятнічная споведзь будзе перад св. Імшамі раніцай і ўвечары, а набажэнства ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы.
 
  • 7 лістапада (сб) – першая субота месяца. Набажэнства ў гонар Беззаганнага Сэрца НПМ адбудзецца пасля вячэрняй св. Імшы. У гэты дзень таксама распачнем Навэнну перад урачыстасцю НМП Вострабрамскай, Маці Божай Міласэрнасці, галоўнай апякункі нашай Гродзенскай дыяцэзіі.
  • У наступную нядзелю 8 лістапада, ахвяраванні складзеныя на тацу, будуць прызначаны на патрэбы касцёлаў, якія будуюцца ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі.
  • У сакрыстыі запісваем інтэнцыі св. Імшаў - індывідуальныя і складковыя. Ёсць ужо магчымасць запісваць інтэнцыі св. Імшаў на наступны 2021 г.
  • Бліжэйшая складковая св. Імша Аб здароўе і патрэбныя ласкі праз заступніцтва Маці Божай Нястомнай Дапамогі адбудзецца 11 лістапада ў 18.30.
  • У школьнікаў распачаліся канікулы. Падчас канікул не будзе заняткаў па рэлігіі. Яны распачнуцца пасля канікулаў.
  • У касцёльным кіёску можна набываць календары (на беларускай і польскай мовах) на 2021 г., а таксама лампадкі.
  • Вялікі дзякуй усім тым парафіянам, якія ў мінулы панядзелак, а некаторыя і ваўторак дапамаглі прыбраць лісце на прыкасцёльнай тэрыторыі. Няхай Пан Бог адудзячыць Вам за прысвечаны час і працу!
  • Вялікая просьба да ўсіх, каб захоўваць прафілактычныя санітарныя захады: карыстацца антысептыкам, у месцах масавага збору людзей насіць ахоўную маску і па-магчымасці захоўваць бяспечную сацыяльную дыстанцыю. Вялікая просьба ставіцца да гэтых патрабаванняў адказна і з клопатам пра здароўе сваё і іншых.
  • Нагадваем пра тое, што дзейнічае дыспенса кс. біскупа, якая вызваляе ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай св. Імшы. Таму, хто баіцца захварэць, ці хварэе і не прыходзіць у нядзелю ці свята ў касцёл — граху не мáе; але павінен удзельнічаць у св. Імшы праз тэлебачанне ці любую дасяжную інтэрнэт-трансляцыю і прыняць духоўна Св. Камунію. Анлайн-трансляцыя св. Імшы з нашага касцёла кожную нядзелю а 18.00 на старонцы нашай парафіі ў інстаграме: Ліда-Піяры.
  • Ёсць новы нумар газеты “Слова Жыцця”. Заахвочваем браць і чытаць каталіцкую прэсу.
  • Усім Вам вялікі дзякуй за ахвяраванні на патрэбы касцёла і парафіі.
  • З душпастырскімі аб’явамі можна азнаёміцца на інтэрнэт-старонцы www.pijary.info

Написать ответ

Вы должны войти для возможности оставлять коментарии

Thanx: Mirnews