18.04.2025

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення неаднаразова аб’яўляўся вучням, а на саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Выраз «Унебаўшэсце Пана» паходзіць з апісання гэтага факту св. Лукой у Дзеях Апосталаў.

Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў Апосталам не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом – спаслання Духа Святога. Пасля вяртання з Ерузалема Апосталы «трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі».

Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Ужо падчас Апошняй Вячэры Хрыстус абвясціў Апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца.

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана ў часы ранняга хрысціянства звязвалася з таямніцай Спаслання Духа Святога на Апосталаў. Аднак гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць толькі з IV ст.

Дні пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана рыхтуюць вернікаў да прыняцця Духа Святога: літургічныя чытанні ўтрымліваюць апісанне дадзенага абяцання Айца, у касцёлах моляцца Навэнну да Духа Святога. З алтара прымаецца фігура Хрыста Уваскрослага, застаецца пасхал і крыж з чырвонай стулай.

Унебаўшэсце з’яўляецца днём каралеўскай інтранізацыі, трыумфам, які рыхтуе свайму Сыну Бог Айцец. Менавіта таму столькі радасці адчуваецца ў літургічных тэкстах. Унебаўшэсце з’яўляецца і прадвесцем паўторнага прыйсця Хрыста: «Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба». Хрыстус вярнуўся дзеля канчатковага трыумфу дабра: вярнуўся, каб аддаць свайму Айцу ўсё, каб сабраць усіх і ўсё ў Касцёле. Унебаўшэсце з’яўляецца не толькі апошнім і ўрачыстым трыумфам Езуса з Назарэта, але таксама залогам і гарантыяй узвышэння, узнясення да хвалы чалавечай натуры. Сёння наша хрысціянская вера і надзея ўзмоцнены і зацверджаны, бо мы запрошаны не толькі да таго, каб разважаць над уласнай нязначнасцю, слабасцю і ўбоствам, але таксама над пераменай, якая прыгажэй за саму справу стварэння, «пераменай», якую Хрыстус здзяйсняе ў нас тады, калі мы паяднаны з Ім, дзякуючы ласцы і сакрамэнтам.

Варта падкрэсліць, што Пан Езус узышоў на неба не адзін. Ён узяў з сабою ўсе душы з адхлані. Перад сваім уваскрасеннем, калі ўжо не быў у чалавечым целе, Ён зышоў да адхлані і абвясціў ім збаўленне, якое ўжо блізка. Сёння Ён спаўняе абяцанне і з трыумфам уводзіць іх да неба. Таму гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва. Месца збунтаваўшыхся анёлаў у небе займаюць чалавечыя душы, каб на сканчэнне веку і іх целы маглі ўвайсці да хвалы.

 

Пакінуць адказ