У сувязі з пандэміяй каранавірусу і абмежаваннямі з мэтай яе прадухілення, многія вернікі ўпершыню пачулі пра духоўную камунію. Што гэта такое і як яе прымаць?
Што значыць «камунія»?
Лацінскае слова communio азначае «еднасць», і менавіта такая мэта сакрамэнтальнай святой Камуніі — прымання Цела і Крыві Хрыста ў Эўхарыстыі ў выглядзе хлеба і віна.
Прыступаючы да Камуніі, мы не прымаем нейкую «таблетку з крыжыкам», якая павінна даць палёгку ад болю душы і цела, а яднаемся з Езусам Хрыстом.
Ён нам дае сябе самога, а мы Яго прымаем. Ён прабывае ў нас, а мы — у Ім. Ён знаходзіцца ў нас, мы жывем Яго жыццём — жыццём Божага Сына, з’яднанага з Айцом у Духу Святым. Такім чынам, у Камуніі чалавек прымае ў сябе жыццё Найсвяцейшай Тройцы, далучаецца да крыніцы жыцця.
Менавіта гэта і ёсць сапраўдная мэта прымання святой Камуніі. Таму больш правільна казаць пра ўваход у Камунію (еднасць), прабыванне ў ёй і жыццё ёю.
Што такое духоўная камунія?
Духоўная камунія — гэта духоўны акт малітвы, мэта якога ў дасягненні такой еднасці з Хрыстом (ці, лепш сказаць, уваход у такую еднасць), якую дае нам прыманне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Яго Цела і Крыві, але не ў сакрамэнтальным вымярэнні.
Калі ўзяць пад увагу, што з’яднанне з Езусам (а праз Яго — з Айцом у Духу) — гэта найвышэйшая і канчатковая мэта нашага духоўнага жыцця і веры, становіцца цалкам зразумелым, чаму святыя казалі пра духоўную камунію як пра самую карысную (акрамя толькі Эўхарыстыі) рэлігійную практыку.
Як прымаць духоўную камунію?
Па сутнасці духоўная камунія заключаецца ў тым, каб узбудзіць у сэрцы моцнае жаданне з’яднацца з Езусам такім самым чынам і з такім жа плёнам, як гэта адбываецца, калі мы прымаем Эўхарыстыю.
Таму для гэтай практыкі перадусім неабходна любоў да Езуса і жаданне быць з Ім у еднасці, вера ў Яго рэальную прысутнасць у Эўхарыстыі, усведамленне, прынамсі агульнае, таго, наколькі вялікім дарам яна з’яўляецца, і як наступства — моцнае жаданне яе прыняць.
Аднак гаворка ідзе не пра распальванне ў сабе нейкіх узнёслых пачуццяў ці эмоцый (хоць яны могуць з’явіцца, і іх не варта адкідаць, але па сутнасці гэта неабавязкова), а пра акт розуму, веры і волі.
Сам спосаб прыняцця духоўнай камуніі можа выглядаць вельмі проста і мець форму кароткай малітвы ці наогул узнёслага акту — імгненнага пабожнага пачуцця, што суправаджаецца некалькімі словамі праслаўлення, падзякі, перапрашэння ці просьбы.
Вось прыклады такой малітвы:
Пане Езу, я веру, што Ты сапраўды прысутнічаеш у святой Камуніі. Я люблю Цябе! Шкадую за грахі, якімі Цябе абразіў. Увайдзі ў маё сэрца: я цалкам Табе аддаюся. Не дай мне ніколі ад Цябе адлучыцца!
Або
О Езу, які прагнеш быць узмацаваннем маёй душы. Прыйдзі да мяне! Прагну прыняць Цябе, сумую без Цябе, дай мне сябе самога, дай мне ласкі свае, асвяці і ўмацуй душу маю і застанься са мною назаўсёды!
Больш важна паклапаціцца пра тое, каб духоўная камунія адбывалася ў спакоі і засяроджанасці, з павагаю і поўным усведамленнем значнасці моманту.
Зусім не лішнім было б укленчыць, прыняць адпаведную паставу цела, якая выражае ўшанаванне, любоў, павагу.
Акту духоўнай камуніі можна надаць своеасаблівую «літургічную» форму:
1. Напачатку ўзбудзіць акт жалю за грахі, завяршаючы яго словамі агульнага вызнання грахоў, як у касцёле на пачатку святой Імшы: «Спавядаюся Богу ўсемагутнаму…», або просьбамі «Пане, змілуйся».
2. Пасля гэтага карысна прачытаць урывак з Евангелля ці нават усе чытанні, якія Касцёл прапануе на гэты дзень. Іх можна заўсёды знайсці на сайце catholic.by у раздзеле «Літургічны каляндар».
3. Пасля гэтага можна памаліцца «Ойча наш», прамовіць заклікі «Баранку Божы…» і ў духоўнай засяроджанасці запрасіць Езуса ў сваё сэрца.
Аднак яшчэ раз адзначым, што духоўная камунія можа быць і вельмі кароткім актам, але ад гэтага не менш плённым, калі, напрыклад, мы жадаем бліжэй з’яднацца з Хрыстом у нейкай раптоўнай складанай сітуацыі, у небяспецы і да т.п.
Калі трэба прымаць духоўную камунію?
Духоўная камунія рэкамендуецца асабліва тым, хто не можа ўдзельнічаць у святой Імшы, асабліва ў нядзельнай, а гэта значыць хворым, тым, хто імі апякуецца, вязням і іншым людзям, якія сапраўды не могуць трапіць у касцёл.
Аднак ніякіх абмежаванняў для прымання духоўнай камуніі няма: да яе могуць прыступаць усе без выключэння, нават калі ў той самы дзень яны бяруць удзел у святой Імшы і прымаюць святую Камунію.
Духоўную камунію можна прымаць па некалькі разоў на дзень.
Наогул, «у ідэале», варта было б няспынна ў ёй прабываць або, прынамсі, як мага часцей.
Якія ўмовы прымання духоўнай камуніі?
На гэты конт існуюць розныя меркаванні. Таму паспрабуем разабрацца з гэтым пытаннем у духу вучэння Касцёла і ў адпаведнасці са «здаровым сэнсам». Калі чалавек знаходзіцца ў стане цяжкога граху і не мае рашучай пастановы выправіцца і больш не грашыць, гэта робіць для яго немагчымым з’яднанне з Богам як у сакрамэнтальнай святой Камуніі, так і ў кожным іншым пабожным акце.
Цяжкі, або смяротны грэх становіцца рэальнай і аб’ектыўнай перашкодай для поўнай еднасці чалавека з Богам.
Таму варта правесці адрозненне паміж поўнай (наколькі магчыма) духоўнай камуніяй і тугою па еднасці з Езусам у Эўхарыстыі.
Зрэшты, духоўная камунія і ёсць актам тугі па Эўхарыстыі. Калі хтосьці часова, працяглы перыяд або пастаянна знаходзіцца ў стане, які робіць для яго немагчымым прыманне сакрамэнтальнай святой Камуніі, то «па аналогіі» гэта робіць для яго немагчымаю і поўную духоўную камунію.
У такім выпадку, напэўна, было б карысней шчыра сказаць Езусу:
«Я сумую па Табе! Я хацеў бы прыняць Цябе ў Эўхарыстыі. Я адчуваю вялізны неспатолены голад — жаданне прымаць Цябе ў Тваім Целе і Крыві. Дапамажы мне, учыні, каб як найхутчэй настаў той момант, калі б гэта нарэшце стала магчымым».
Зразумела, што туга — гэта не тое самае, што прысутнасць і прабыванне ў шчыльнай еднасці, але ў духоўным жыцці і гэта можа мець пэўную карысць.
Паводле catholic.by