17.03.2025

Пачаўся тыдзень, які мы ў каталіцкім Касцёле называем Вялікім. У гэтым годзе не ўсе з нас змогуць прыняць удзел у сумесным святкаванні Пасхальнай Літургіі. Таму запрашаем вас далучыцца да святочнай літургіі ў нашых дамах.

Чытаць далей:

Вялікі Панядзелак, Вялікі Аўторак і Вялікая Серада

Няхай гэтыя тры дні будуць днямі прымірэння і пакаяння. Не кожны змог скарыстацца з індывідуальнай споведзі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа пра магчымасць атрымаць прабачэнне грахоў, у тым ліку цяжкіх, калі вернікі не маюць доступу да святара і з гэтай прычыны не могуць скарыстацца з сакраментальнага адпушчэння грахоў. У такой сітуацыі, пасля іспыту (рахунку) сумлення, неабходна шчыра шкадаваць аб сваіх грахах і абяцаць пры першай жа магчымасці вызнаць іх у прысутнасці святара. Такім чынам, мы можам вярнуцца да Божай ласкі, пра што таксама успамінаў Папа Францішак.

Вялікі Чацвер

У гэты дзень мы ўспамінаем крыніцу і вяршыню хрысціянскага жыцця – сакрамэнт Эўхарыстыі. Хрыстус пакінуў нам сябе ў гэтым сакрамэнце, каб заўсёды і ўсюды быць з намі. У дзень, калі мы ўдзячныя Богу за святую Камунію і сакрамэнт пасвячэння, мы прапануем вам памаліцца так званай «Святой гадзінай», далучыўшыся, такім чынам, да нашага Збаўцы ў гадзіну Яго пакуты.

Таксама просім вас памаліцца за ўсіх святароў, асабліва тых, хто служыць ці служыў у нашых парафіях.

Вялікая пятніца

У дзень, калі мы перажываем Літургію Мукі Пана, мы запрашаем вас маліцца Крыжовым шляхам ў сваіх дамах, па магчымасці са сваёй сям’ёй. Добра было б змясціць у годным месцы дома вобраз ўкрыжаванага Хрыста, гэта будзе выразам нашага ўдзелу ў адарацыі крыжа, якая ў гэты дзень адбываецца ва ўсіх каталіцкіх святынях свету.

Вялікая субота

Гэта дзень велікоднага чування, дапаўненне да ўсяго, што мы перажывалі ў папярэднія дні. Удзельнічаючы ў вэб-трансляцыі Літургіі гэтага дня, давайце адновім абяцанні хросту з запаленай свечкай, якая нагадвае нам, што мы можам быць выратаваны праз хрост.

Велікодная Нядзеля

Тым хто з-за эпідэміі не зможа асвяціць ежу на велікодны стол, мы рэкамендуем прачытаць малітву-благаслаўленне перад святочным сняданкам. Тэкст благаслаўлення знаходзіцца ніжэй:

Малітва перад снеданнем:

У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн

Хрыстос уваскрос, аллелюя! Сапраўды ўваскрос, аллелюя!

Браты і сёстры, паслухайце словы святога Евангелля паводле Мацвея:

Езус сказаў сваім вучням: Не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.

Молімся:
Пане Езу Хрыстэ, будзь сярод нас і ўдзялі нам радасць Твайго Уваскрасення; учыні, каб мы сталіся Тваімі вучнямі, а наш стол няхай заўсёды будзе знакам любові і паяднання. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Ойча наш…

Малітва пасля снедання:

Молімся:
За гэты пасілак і за ўсе Твае дабрадзействы дзякуем Табе, Божа, праз Хрыста, нашага Пана, які перамог смерць і сядзіць па Тваёй правіцы, каб заступацца за нас, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Пакінуць адказ