22.05.2024

Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам.

   У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

   На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл на працягу сарака дзён рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Перыяд Вялікага посту звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. Вялікі пост – гэта таксама перыяд падрыхтоўкі катэхуменаў да прыняцця сакрамэнту хросту, які традыцыйна ўдзяляецца ў Пасхальную вігілію.

   У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны каталік абавязаны прынамсі раз на год кожны католік абавязаны паспавядацца і ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост – на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў.

   Абмежаванне ў ежы і піцці з’яўляецца аскетычным практыкаваннем і праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту. У Касцёле адрозніваюцца строгі пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў. Пост – гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай. Такім чынам, пакаянне ўключае акрамя посту таксама малітву і добрыя ўчынкі. У перыяд Вялікага посту ў парафіях праводзяцца духоўныя практыкаванні – рэкалекцыі – у якіх можа ўдзельнічаць кожны вернік.