Адэнтавыя пастановы

postanowienia

У Адвэнце Каталіцкі Касцёл нагадвае вернікам аб патрэбе добрых пастановаў. Навошта нам гэта патрэбна?

Аналізуючы сваё жыццё, многія могуць заўважыць цікавую рэч: да чагосці злога, дрэннага чалавек хутка прывыкае, а добрае даецца з вялікімі намаганнямі. Стаць горшым і дэградаваць заўсёды атрымоўваецца нашмат лягчэй, чым стаць лепшым і дасканалейшым. Дабро заўсёды патрабуе ад нас больш намаганняў, часу, сілаў, увагі, сродкаў. Яно высока ацэньваецца Богам.

Калі мы збіраемся наведаць родных і сяброў з нагоды юбілею або дня нараджэння, то стараемся прыйсці не з пустымі рукамі, а падрыхтаваць падарунак. Каб падрыхтаваць, адпаведны і добры дар нам патрэбны час, для таго каб разважыць, пашукаць, прыцаніцца ….

Адвэнт – час падрыхтоўкі да дня нараджэння Сына Божага, нашага Збаўцы. Ён падараваў нам сваё жыццё, дзеля нашага збаўлення і нашым адказам удзячнасці на так вялікі дар, з’яўляюцца добрыя пастановы Адвэнту, якія павінны рэалізоўвацца ў паўсядзённасці. Выкананне адвэнтовых пастановаў павінна зрабіць нас хоць бы крышку лепшымі, дабрэйшымі, бліжэйшымі да Стварыцеля. Толькі тады Божае Нараджэнне стане для нас сапраўды радасным святам і будзе дасканалым падарункам для людзей і Бога.

Просім сёння Духа Святога, каб Ён асвяціў наш розум і дапамог нам у выбары і выкананні адпаведнай адвэнтовай пастановы.

кс. д-р Юрый Павайба

Выява з ethnomuseum.pl

Рараты — падзяка Панне Марыі за яе «так»

Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.
Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.

Раратняя святая Імша

Новы літургічны год у Каталіцкім Касцёле распачынаецца з Адвэнту — часу радаснага чакання Нараджэння Пана. Гэты перыяд насычаны багатай сімволікай і традыцыямі. Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэта літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» ва ўсім касцёле запальваецца святло. Назва rorate паходзіць ад першага слова лацінскай песні «Rorate coeli» («Свет наш абмыйце, чыстыя росы…»). Удзел дзяцей у раратняй святой Імшы таксама звязаны з разнастайнымі добрымі пастановамі, якія яны бяруць на перыяд Адвэнту. Гэтыя пастановы з’яўляюцца выражэннем іх унутранай падтрыхтоўкі да Божага Нараджэння і іх жадання перамяніць сваё жыццё.
З Раратамі таксама звязаны звычай запальвання свечкі, што сімвалізуе Марыю, якая як Зорка ранішняя прадвяшчае прыйсце поўнага Святла — Хрыста. Акрамя гэтага, у касцёле размяшчаецца вянок з чатырма свечкамі, якія абазначаюць чатыры нядзелі Адвэнту. Свечкі і лампады, якія так часта выкарыстоўваюцца ў адвэнтавай літургіі, сімвалізуюць чуванне, а таксама радасць ад хуткага прыйсця Хрыста.
У перыяд Адвэнту святар цэлебруе святыя Імшы ў літургічным адзенні фіялетавага колеру. Выключэннем з’яўляецца III Нядзеля Адвэнту, калі літургічнае адзенне мае ружовы колер. У літургіі Касцёла гэта нядзеля мае сваю назву — Gaudete (лац. «радуйцеся»).
Упершыню пра Адвэнт як час падрыхтоўкі да Нараджэння Пана ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах IV ст. Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Адвэнтавыя звычаі і сімволіка

Рараты. Гэта Святыя Імшы падчас адвэнту на чэсць Маці Божай, якія дазваляецца праводзіць у любы дзень адвэнту, акрамя нядзелі і ўрачыстасцей, якія прыпадаюць на гэты перыяд. Іх назва паходзіць ад першых слоў лац. гімна „Rorate coeli desuper”(Спусціце, нябёсы, нам расу), які спяваўся на пачатку такіх Імшаў.
Чым для высахлай зямлі раса, Тым Хрыстос для тых, хто яго чакае. Рараты —  гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраіля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.

Адвэнт

Перыяд Адвэнту

У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.
Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Thanx: Goutu