У Пальмовую нядзелю пачынаецца Вялікі тыдзень

13 красавіка 2014 г., у Пальмовую нядзелю, пачынаецца Вялікі тыдзень. Літyргія гэтага дня нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерузалем перад Яго ўкрыжаваннем.

Па волі благаслаўлёнага Папы Яна Паўла ІІ Пальмовая нядзеля з 1986 г. з’яўляецца таксама Сусветным днём моладзі.

У літургіі Пальмовай нядзелі заўважаюцца два моманты: радасная працэсія з пальмамі і чытанне Мукі Пана. Такім чынам Касцёл падкрэслівае, што трыумф Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаны між сабой.

Удзел у літургіі гэтага дня азначае згоду на крыж, на менавіта такі, а не іншы, шлях жыцця, на цярпенне разам з Езусам.

Святкаванне Пальмовай нядзелі бярэ пачатак у Ерузалеме ў IV ст. У той час імнуліся як мага больш дакладна прадставіць сцэны з жыцця Езуса. Паступова працэсіі сталі больш драматызаванымі, напрыклад, біскуп, які прадстаўляў Хрыста, уязджаў у горад на восліку.

Звычай асвячэння пальмовых галін з’явіўся ў Касцёле ў ХІ ст. У нашай краіне іх замяняюць вербы. Пасля асвячэння іх утыкаюць за крыжы і абразы, каб сцерагчы дом ад няшчасцяў і мець Божае благаслаўленне. Раней галінкі ўтыкаліся таксама ў полі, каб Бог сцярог пасевы ад граду, сушы, вялікіх дажджоў.

(JM)  http://catholic.by/

Пасха і Вялікодны Перыяд

Нядзеля Змёртвыхпаўстання

(Уваскрасення) Пана.

 

 

Вялікдзень – найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі.

Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, свята Божага Цела і ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Першая ўрачыстая святая Імша ў нядзелю традыцыйна распачынаецца працэсіяй, у якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт і фігуру ўваскрослага Хрыста. Гэта так званая рэзурэкцыя (ад лац. уваскрасенне).

На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек (пісанак), якія з’яўляюцца неад’емным атрыбутам святочнага стала.

 

 

Велікодны перыяд

 

Велікодны перыяд – пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка

 

Як вызначаецца дата Вялікадня

Сёлета ўрачыстасць Пасхі прыпадае на 8 красавіка. У гэты дзень гучным звонам з усіх касцёлаў свету будзе абвешчана вялікая радасць — Хрыстос Уваскрос!

Часта паўстае пытанне, чаму католікі і праваслаўныя ў нашай краіне звычайна адзначаюць Пасху з вялікай розніцай дзён і толькі раз на нейкі час дата ўрачыстасці супадае.

Справа ў тым, што Вялікдзень — гэта рухомае свята. Яго дата неаднойчы ў гісторыі была тэмай спрэчак. У нашы часы ў заходніх Касцёлах прынята, што Вялікдзень адзначаецца ў нядзелю пасля першай вясенняй поўні месяца. Дата ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста залежыць таксама ад даты Укрыжавання, якое, як пішуць Евангелісты, адбылося на тры дні раней — непасрэдна перад яўрэйскай Пасхай, якая адзначалася ў чатырнаццаты дзень месяца Нісан. Аднак праблема заключаецца ў тым, што дата Укрыжавання ў Евангеллі паводле Яна і ў іншых трох адрозніваецца. Таму ўсходнія Касцёлы выказваліся за дату чатырнаццаты Нісан, а заходнія прывязвалі адзначэнне ўрачыстасці Уваскрасення да пятнаццатага дня гэтага месяца.

Адкуль пайшла традыцыя фарбаваць яйкі на Вялікдзень

Сама традыцыя фарбавання яек на Вялікдзень мае надзвычай даўнюю гісторыю. Сам факт фарбавання яек навукоўцы знайшлі ў рукапісе Х ст. Ён паходзіць з Грэцыі Свята-Анастасіеўскага манастыра каля Фесалонік. У дакуменце на пергаменце прыводзіцца малітва на асвячэнне чырвоных яек. Ёсць некалькі паданняў, як хрысціяне пачалі фарбаваць яйкі. Адна з самых старажытных тычыцца Марыі Магдаліны, якая пасля Уваскрасення Хрыста прыйшла да імператара Ціберыя ў Рым і прынесла яму ў падарунак чырвонае яйка. Бо тады да імператара нельга было прыйсці без падарунка. Марыя Магдаліна падала яйка са словамі «Хрыстос Уваскрос!» і пачала распавядаць пра свайго Настаўніка. Больш распаўсюджанае паданне сёння гаворыць, што яйка ў руках Марыі Магдаліны было спачатку белым. Калі яна стала распавядаць пра свайго Настаўніка, Ціберый усклікнуў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як не можа гэтае белае яйка стаць чырвоным. Яйка ў руках жанчыны адразу ж зрабілася чырвоным, а Ціберый пасля прыняў Хрост.

Thanx: Goutu