Вялікі пост

Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам.

   У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

   На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл на працягу сарака дзён рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Перыяд Вялікага посту звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. Вялікі пост — гэта таксама перыяд падрыхтоўкі катэхуменаў да прыняцця сакрамэнту хросту, які традыцыйна ўдзяляецца ў Пасхальную вігілію.

Інфармацыя пра Крыжовы шлях

Крыжовы Шлях так моцна асацыюецца і лучыцца з Вялікім Постам, што сёння без гэтага набажэнства цяжка ўявіць сабе перажыванне данага літургічнага перыяду. Аднак, мы нават не ўяўляем сабе, як доўга фарміравалася гэтае набажэнства. Хрысціяне, пераважна ад III ст., асаблівай апекай ахіналі ў Ерусаліме месцы, звязаныя з Мучаніцтвам і Смерцю Езуса Хрыста. Мнагакратна адведвалі іх пілігрымы, здзейсняючы пры гэтым розныя працэссіі, напрыклад з Аліўнага Сада на Галгофу. Чарговы этап у паўставанні набажэнства Крыжовага шляху трэба сааднесці з развіццём пасыйнай набажнасці, пачынаючы ад XI ст., аснаванай на разважанні Ранаў Хрыстовы. У Еўропе вялікі ўклад у гэтым кірунку зрабілі айцы францісканцы. Яны пасля крыжовых паходаў сталі апекунамі памятак, якія засталіся ў Святой Зямлі пасля Езуса з Назарэту. Перыяд сярэднявечча быў багата насычаны набажэнствамі пасыйнага характару.

    Паўсюдным прызнаннем цешылася аддаванне пашаны ўпадкам Пана Езуса (часта лічылася, што іх было сем). Вернікі практыкавалі таксама набажэнствы, у якіх адбываліся ўспамін і разважанне Мучэнняў Пана, пры дзевяці, дванаццаці, а нават пры васемнаццаці стацыях. У Польшы Набажэнства Крыжовага Шляху існуе ад XVIIст. і да сённяшняга дня ажыўляе набажнасць вернікаў. З Польшы яно з’явілася і на Беларусь. Належы таксама ўспомніць і пра кальварыйскія сцежкі, якія ўзносяцца пры многіх касцёлах.

Інфармацыя пра адпусты


Пра адпусты
Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.
Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне віны і дараванне вечнай кары за гэты грэх. Аднак споведзь не выбаўляе нас ад часовай кары за грахі, якую нам трэба адбыць на зямлі альбо ў чыстцы. Ад гэтай часовай кары за нашыя грахі выбаўляе нас праз адпусты Касцёл па праву даручанай яму ўлады. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Папа Павел VI ліквідаваў адпусты, акрэсленыя канкрэтным часам (напр., колькасцю дзён ці гадоў), бо ў вечнасці няма часу.

 

Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі, прыняць святую Камунію, быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш… Вітай, Марыя… і Веру ў Бога… Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень.

Вось пералік некаторых поўных і частковых адпустаў,

пададзеных Апостальскай Пенітэнцыярыяй 29 чэрвеня 1969 г.:

  • за наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту — частковы адпуст; за адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу 30 хвілін — поўны адпуст;
  • за атрыманне папскага благаслаўлення (непасрэдна альбо па радыё ці тэлебачанні) Urbi et Orbi (гораду і свету) — поўны адпуст;
  • за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца нават тры дні — поўны адпуст;
  • за наведванне могілак з 1 па 8 лістапада і малітву за памерлых — поўны адпуст; у іншыя дні — частковы адпуст;
  • за ўдзел ва ўрачыстым эўхарыстычным абрадзе на заканчэнне эўхарыстычнага кангрэсу — поўны адпуст;
  • за чытанне малітвы Душа Хрыстова — частковы адпуст;
  • за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30 хвілін з належным ушанаваннем слова Божага — частковы адпуст;
  • за малітву на ружанцы (адной з частак Ружанца) з разважаннем таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям’і, у манаскай супольнасці, у пабожным таварыстве — частковы адпуст;
  • за наведванне касцёла ў дзень парафіяльнага адпусту ці ў дзень апекуна гэтага касцёла альбо капліцы — поўны адпуст.
  • Умовы атрымання поўнага адпусту звязанага з Крыжовым шляхам:1. Сакрамэнтальная споведзь альбо стан асвячальнай ласкі;
    2. Прыняцце Святой Камуніі;
    3. Быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага,
    4. Прачытаць малітву ў інтэнцыі Святога Айца: Ойча наш… Вітай, Марыя… і Веру ў Бога…
    Для заметкі: Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да альбо пасля ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыі Святога Айца мелі месца ў гэты ж дзень.
    5. Удзел у набажэнстве Крыжовага шляху наступным чынам:
    а) Крыжовы шлях трэба прайсці перад стацыямі, устаноўленымі кананічна і зацверджанымі Касцельнай Уладай.
    б) Для правядзення Крыжовага шляху вымагаецца толькі пабожнае разважанне аб пакутах і смерці Езуса Хрыста. Не абавязкова разважаць аб таямніцах кожнай асобнай станцыі.
    в) Вымагаецца перайсці ад адной станцыі да другой. Аднак, калі ўсе ўдзельнічаюць у пасійным набажэнстве і не могуць без мітусні перайсці ад станцыі да станцыі, то дастаткова, калі праходзіць праводзячы Крыжовы шлях, у той час як іншыя могуць заставацца на месцы.
    г) Хто не можа ўдзельнічаць у публічным набажэнстве (напрыклад, хворыя), можа атрымаць поўны адпуст, калі хаця б паўгадзіны будзе пабожна чытаць і разважаць аб пакутах і смерці Езуса Хрыста.
Thanx: Goutu