Харызма ордэна

Харызмай ордэна мы называем тое, што чыніць яго менавіта такім, а не іншым ордэнам. Такім чынам мы з’яўляемся ордэнам

Поўная назва ордэна гучыць: Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў.

Духоўных — бо мы пераважна (хоць і не выключна) з’яўляемся святарамі і, як святары-законнікі, павінны быць выхавальнікамі.

Рэгулярных — бо наш стыль жыцця Евангеллем апісаны ў Канстытуцыях і Статутах Ордэна (ад лац. regula – норма, правіла).

Убогіх — бо мы пасланыя да ўбогіх і праз убогае жыццё вучымся пакорнасці і іншым добрым якасцям, неабходным для таго, каб быць добрым хрысціянскім выхавальнікам.

Маці Божай — бо з самага пачатку мы ўшаноўваем у ордэне Марыю як Апякунку і прыклад выхавальніцы.

Пабожных Школаў — бо ў школе Каласанса вучні павінны навучыцца пабожнасці, г. зн. спаўняць свае абавязкі адносна Бога, бацькоў і Радзімы.

Наш ордэн мае дзейсны характар, г. зн. яго галоўнай мэтай з’яўляецца навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Аднак, каб быць здольнымі вучыць іншых Праўдзе, мы павінны найперш пазнаць яе праз кантэмпляцыю. Таму св. Юзаф Каласанс запланаваў піярскі стыль жыцця як змешаны: кантэмпляцыйна-апостальскі.

Хто мы?


Піяр — гэта…

• святар альбо законны брат (манах);

• чалавек, які прагне жыць евангельскімі парадамі;

• чалавек, які любіць дзяцей і моладзь так, што ім гатовы прысвяціць усё сваё жыццё.

Дэвіз Ордэна Пабожных Школаў (Піяраў) гучыць так:

Pietas et Litterae (Пабожнасць і Навучанне)

Поўная назва ордэна:

Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў

Скарочаная назва:

Ордэн Пабожных Школаў

Папулярная назва:

Піяры (ад слова pius, -ae — пабожны; паходзіць ад лацінскай назвы Scholae Piae, што азначае — пабожныя школы)

Апякунка:

Маці Божая Пабожных Школаў

Апякунка місіі:

Маці Божая Добрых Навук

Заснавальнік:

Св. Юзаф Каласанс

Піярская сям’я

Юзаф Каласанс, распачынаючы справу навучання і выхавання, зрабіў крок, вынікі якога былі зусім нечаканымі. Ад імкнення да пачэснай касцёльнай кар’еры ён перайшоў у маленькі свет дзяцей вуліцы, ад бясспрэчнай прыстойнасці да найбольш палемічнага праекта.

Сваім рашэннем ён як бы “перакрэсліў” свае папярэднія дасягненні. Юзаф Каласанс меў намер застацца непрыкметным у ананімнай гісторыі настаўніка ўбогіх. Тыбр быў ягоным хрысцільным Ярданам, у які апусціўся чалавек светлы, а выйшаў святы.

Безумоўна, ён нават уявіць сабе не мог, што гісторыя яго жыцця заззяе веліччу і прыгажосцю. На працягу наступных 400 гадоў, у той ці іншай форме, тысячы мужчын і жанчын вырашалі зрабіць падобны крок: перайсці свой Тыбр слабасці, страху, няпэўнасці — і ўсё для таго, каб паўтарыць ягоны выбар.

Святы Юзаф Каласанс стаў айцом дзесяці (!) манаскіх супольнасцяў, якія чэрпаюць з багацця яго духоўнасці і мудрасці. Усе яны ствараюць вялікую каласанскую сям’ю.

Найбольш важныя падзеі з гісторыі Ордэна

Найбольш важныя падзеі з гісторыі Ордэна пабожных школаў

1597 г. У Рыме, у гарадскім раёне за Тыбрам, Юзаф Каласанс адкрыў першую бясплатную і агульнадаступную пачатковую школу ў Еўропе.

1602 г. У адным са сваіх лістоў Юзаф Каласанс засведчыў аб перамене, якая з ім адбылася: “я знайшоў (…) спосаб наследавання Бога: служэнне дзецям і моладзі. І нішто на свеце не прымусіць мяне адмовіцца ад гэтага”.

1612 г. “Пабожныя школы” былі перанесены ў дом пры касцёле св. Панцеляймона, гэты дом і стаў генеральным (галоўным) домам ордэна.

1617 г. Моцай брэве “Ad ea per quae” ад 6 сакавіка, выдадзенага Паўлам VI, паўстала Паўлінская Кангрэгацыя Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў.

1621 г. Грыгорый XV папскім пасланнем ад 18 лістапада ўзвысіў Пабожныя Школы да ступені ордэна з урачыстымі шлюбамі.

1622 г. Грыгорый XV зацвердзіў Канстытуцыю ордэна.

1631 г. Першая група піяраў перайшла праз Альпы, даючы пачатак Пабожным Школам у Цэнтральнай Еўропе.

Піяры — Ордэн пабожных школаў

Хто мы

Мы — законная супольнасць святароў і братоў, заснаваная ў Рыме св. Юзафам Каласансам для цудоўнага і выключнага задання…

Наша місія…

выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, школьная адукацыйная дзейнасць, асаблівы клопат пра “ўбогіх і занядбаных”, фармацыя бацькоў…

Наша праца

навучанне ў школах (ад агульнаадукацыйных да ліцэяў), парафіяльнае душпастырства, групы прадоўжанага дня для “дзяцей вуліцы”, місійныя пляцоўкі ў Камеруне, апостальства на Беларусі, а таксама выдавецкая дзейнасць, правядзенне рэкалекцый, арганізацыя пілігрымак…

Піярская духоўнасць

абапіраецца на трох традыцыйных манаскіх шлюбах: чыстасці, убоства і паслухмянасці, але мае свой непаўторны характар. Кожны піяр складае чацвёрты шлюб, які растлумачвае ўсё: асабліва клапаціцца пра выхаванне дзяцей і моладзі…

Thanx: Goutu