Піяры — Ордэн пабожных школаў

Хто мы

Мы — законная супольнасць святароў і братоў, заснаваная ў Рыме св. Юзафам Каласансам для цудоўнага і выключнага задання…

Наша місія…

выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, школьная адукацыйная дзейнасць, асаблівы клопат пра “ўбогіх і занядбаных”, фармацыя бацькоў…

Наша праца

навучанне ў школах (ад агульнаадукацыйных да ліцэяў), парафіяльнае душпастырства, групы прадоўжанага дня для “дзяцей вуліцы”, місійныя пляцоўкі ў Камеруне, апостальства на Беларусі, а таксама выдавецкая дзейнасць, правядзенне рэкалекцый, арганізацыя пілігрымак…

Піярская духоўнасць

абапіраецца на трох традыцыйных манаскіх шлюбах: чыстасці, убоства і паслухмянасці, але мае свой непаўторны характар. Кожны піяр складае чацвёрты шлюб, які растлумачвае ўсё: асабліва клапаціцца пра выхаванне дзяцей і моладзі…

Святы Юзаф Каласанс

Нарадзіўся ў Іспаніі, у мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, у Каралеўстве Арагон. Распачаў навучанне ў калегіі ў Эстадзіла, пасля вывучаў права і філасофію ва ўніверсітэце ў Лерыда. Працягваў навучанне ў Валенсіі і Алькала-дэ-Генарэс. У гэты час ён распазнаў у сабе Божы заклік да святарства. І адказаў “так”. У 1583 г. атрымаў святарскія пасвячэнні і распачаў душпастырскую працу. Спачатку — у якасці сакратара пры біскупе Каспары дэ ла Фігуэра, потым — як канонік Капітулы ва Ургелі, пробашч і эканом біскупа Андрэя Капілла. Дыяцэзіяльнае святарства, аднак, не адпавядала яго спадзяванням. Інтуітыўна ён шукаў далей. Пасля абароны доктарскай дысертацыі ў галіне тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым. Яго мэтай было атрыманне касцёльнага бэнефіцыя. Аднак здарылася нешта, чаго ён зусім не спадзяваўся… У Вечным Горадзе Юзаф Каласанс кардынальна змяняе свае планы. Прычынай былі асабістыя, унутраныя перажыванні, прычынаю якіх былі чуласць сэрца і адкрыццё на натхненне Духа Святога. Вандруючы па бедным гарадскім раёне за Тыбрам, Юзаф сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. Іх непісьменнасць абумоўлівала іх далейшы лёс, пазбаўлены перспектываў: яны былі асуджаны на падатлівасць злу, на няспынныя пошукі працы, на жыццё, зведзенае да самых нізкіх паслугаў. Юзаф Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Іспанію, а займецца гэтымі дзецьмі. Такім чынам, у 1597 г., у сакрыстыі касцёла св. Дароты за Тыбрам адбылася падзея, значэнне якой тады яшчэ ніхто не ацаніў. У такіх сціплых абставінах узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, нават самых бедных, школа без усялякіх абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Гэта была сапраўдная грамадская рэвалюцыя! Каласанс распазнае сваё чарговае пакліканне, на гэты раз — настаўніка і выхавацеля. Рашэнне было прынята, і ў гэтым быў сэнс яго жыцця: выхаванне і навучанне. Сваім блізкім на радзіме Юзаф Каласанс піша з унутраным спакоем: “Тут, у Рыме, я знайшоў найлепшы спосаб служэння Богу і людзям. І нішто на свеце не прымусіць мяне адмовіцца ад гэтага…”. І ён не адмовіўся, хоць першыя гады былі незвычайна цяжкімі. Вялікая зацікаўленасць школай, вялікая колькасць дзяцей, мясцовыя клопаты, недахоп фінансавых сродкаў — і ён, у адной асобе і настаўнік, і сакратар, і стораж, які гадзінамі прыбіраў у класах, габляваў пёры, каб яны былі гатовыя на наступны дзень. Неўзабаве яго ведалі ўжо ва ўсім Рыме, і не толькі таму, што навіны хутка разыходзяцца. Каб здабыць сродкі на ўтрыманне бясплатнай школы, ён вымушаны быў… прасіць міласціну. Ён не саромеецца гэтага ў імя любові да дзяцей. Сведчанне схіляе да наследавання… Далучаюцца іншыя людзі — маладыя і старэйшыя, арыстакраты і плебеі — усе яны разам ствараюць супольнасць. Разам жывуць і працуюць, разам збіраюць ахвяраванні, разам адводзяць дзяцей дадому. Сапраўдная супольнасць шаленцаў, бо як жа інакш можна назваць людзей, якія жывуць сённяшнім днём, ядуць тады, калі нехта ўкіне дробны грош у скарбонку, і галадаюць, калі не знойдзецца шчодрых? Тыя людзі, якія далучыліся да Юзафа Каласанса, мелі добрае сэрца. Гэта было галоўнае! Яны вырашаюць, што так будзе заўсёды. Юзаф Каласанс распазнае ў сабе чарговае — трэцяе — пакліканне: пакліканне законніка! Узнікае законная супольнасць. Яны прымаюць назву: Ордэн Пабожных Школаў.

Thanx: Goutu