30 красавіка айцы піяры са Шчучына арганізавалі невялікую паездку для моладзі, якая рыхтуецца прыступіць да сакрамэнту канфірмацыі.
Група з пяці чалавек разам з пробашчам шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай айцом Андрэем Агелем SP наведала касцёл св. Казіміра ва Уселюбе, навагрудскі фарны касцёл Перамянення Пана, возера Свіцязь, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны).
Касцёл св. Казіміра ва Уселюбе – самая старая каталіцкая святыня Беларусі, пабудавана ў 1433 годзе. Удзельніца паездкі Ксенія расказвае: “Нас сустрэў пробашч парафіі ксёндз Віталь Цыбульскі. Ён распавёў нам гісторыю касцёла, пра яго асаблівасці. Таксама на тэрыторыі святыні ёсць месцы для сямейнага адпачынку, мы з задавальненнем бавілі час і нават напісалі водгук у кнізе гасцей”.
Навагрудскі фарны касцёл Перамянення Пана быў узведзены ў 1723 г. на месцы ранейшага, пабудаванага ў 1395 годзе князем Вітаўтам. У 1422 годзе ў старым навагрудскім касцёле князь Ягайла ўзяў шлюб з Соф’яй Гальшанскай. У гонар 600-годдзя з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай побач са святыняй пасадзілі лістоўніцу, а побач устанавілі памятны камень.
4 верасня 1929 г. па просьбе біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Навагрудак прыбылі сёстры назарэтанкі. У 1941 годзе падчас нямецкай акупацыі сёстры былі выгнаныя з кляштара і жылі ў вернікаў парафіі.